Ну вось і скончылася выстава "Сучасны Офіс і Банк 99", што адбывалася
з 23 па 26 лістапада ў выставачным павільёне МінскЭкспа па адрасе
Машэрава 14.
Ужо стала добрай традыцыяй, што менавіта на Сучасным Офісе збіраюцца
ўсе беларускія вытворцы праграммнага забеспячэньня і мясцовыя дылеры маскоўскіх
кампаніяў. Не стала выключэньнем і гэтая выстава, на якой адсотак сафтвэрных
фірм дасягнуў бадай што найвялікшай вышыні. Лічыце самі: з 55 агульных удзельнікаў
9 прапанавалі софт. Што датычыць якаснага боку экспазіцыі, то яму яўна бракавала
цікавасці. Толькі кампанія Golden Software прапанавала новыя праграмныя прадукты
і правяла вельмі цікавы сэмінар. Астатнія... што ж глядзіце самі:
Канкурэнты
1С выстаўляла "1С: Прадпрыемства" вэрсіі 7.7. Сістэма вельмі магутная, гэта неаспрэчна,
але ж ужо надта прыелася. Да таго ж стэнд быў вельмі змрочным, і ўвогуле выстаўляць на паказ
кампутар з працуючай мультымедыйнай дэманстрацыяй -- гэта занадта. Слухаць мяртвяцкі
голас дыктара можна і ў офісе і не цягацца дзеля гэтага на выставу, тым больш што
надвор'е ў гэтую пару -- не цукар.
Бэст, Інфабухгалтар, Эканэт ды ЛюксСофт не прапанавалі нічога новага. Стэнд Бэсту запомніўся
інфармацыйнымі каталёгамі прыклеенымі да стойкі празрыстым скотчам (каб дзеці не цягалі).
Інфабухгалар, як заўсёды, выкарыстаў для афармленьня стэнду вялікія каробкі і павялічаную ў
некалькі разоў копію дыплёму рэспубліканскага конкурса эканамічных праграм. Дарэчы, такія
дыплёмы выдаваліся ўсім удзельнікам вышэй азванага конкурсу (карацей: хто грошы заплаціў --
той і атрымаў).
Галактыка хаця і рэклямавала новую вэрсію сваёй сістэмы, але ж угледзець чым жа
яна адрозніваецца ад папярэдняй было цяжка. Хаця Галактыка усё ж вылучалася з шэрагу
іншых, калі не сваёй праграмай, то адным з самых прыгожых стэндаў. Яго ўпрыгожваньнем была
пяціметровая калёна з надпісам Галактыка (а што ж там яшчэ магло быць напісаным?).
Яшчэ на стэндзе былі тры сцяжка: расейскі, БССР-аўскі і сіні -- Галактычны. Дык БССР-аўскі
вісеў да гары нагамі. Прэзідэнта яны не любяць, ці што?
Новым прадуктам на выставе была праграма Abacus. Прадукт расейскі, прадаецца на Беларусі
фірмай Брава з Барысава. З пэўнай адлегласці выглядала нават прывабна, але ж пры
дыталёвым погладзе -- нічога цікавага, звычайная бухгалтарская праграма.
Сэмінар
Сэмінары з'яўляюцца неад'емнай часткай вобразу выставы "Сучасны Офіс і Банк",
надаючы фірмам магчымасць распавясці пра свае тэхалёгіі, зрабіць важныя
паведамленьні адразу вялікай колькасці зацікаўленных спецыялістаў.
Самым наведваемым сэмінарам пад час мінулай выставы стаўся сэмінар
кампаніі Golden Software. Больш за гадзіну было прысвечана агляду існуючага
праграмнага забеспячэньня, прапаноўваемага кампаніяй, новым распрацоўкам,
праграмам: "Маршруты Анжэлікі", "Званкі Анжэлікі" і "Даследчык Анжэлікі".
А таксама прэзентацыі новага Internet рэсурсу -- сайту http://www.gsbelarus.com
Стэнд кампаніі Golden Software
Як і заўсёды стэнд кампаніі быў аднім з самых наведваемых на выставе.
Прычынай таго стала актыўная рэклямная кампанія праведзеная ў сродках
масавай інфармацыі. Акрамя ўсім добра знаёмых праграмаў на стэндзе
можна было пазнаёміцца з зусім новымі распрацоўкамі: праграмай для
аптымізацыі транспартовага руху і праграмай кіраваньня тэлефоннымі стасункамі.
Да ўсяго, на стэндзе кампаніі адбыўся розыгрыш латарэі, прызамі ў якой
былі асобныя праграмы з комплексу "Анжэліка", а таксама ўвесь комплекс
цалкам.
На заканчэньне
Што ж, нягледзячы на пэўны перабор з кампутарнымі выставамі ў гэтую восень
(тры адбыліся на працягу двух месяцаў) выстава "Сучасны Офіс і Банк" сталася
адметнай з'явай і дазволіла мэнэджэрам інфармацыйных тэхналёгіяў азнаёміцца
з новымі прадуктамі і новымі магчымасцямі існуючых праграмаў.
Наступнай выставай, дзе будзе ўдзельнічаць Golden Software будзе CeBIT 2000,
што пройдзе ў Гановеры (Нямеччына) напрыканцы лютага наступнага году. Наступнай
выставай у Менску будзе традыцыйная TIBO, якая пройдзе ў красавіку.
Да сустрэчы!